Трагедия Свободы  Умопримечания | Стихи | Библиотека 
  на первую страницу НОВОСТИ | ССЫЛКИ   
Янка Купала. Курган. Cлова аб палку Игаравым
от 04.12.03
  
архив



Курган

I Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай
Дрэмле памятка дзен, што ў нябыт уцяклі,
Удзірванелы курган векавечны.

Дуб галлё распусціў каранасты над ім.
Сухазелле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем глухім, -
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.

На купалле там птушка садзіцца, пяе,
У піліпаўку воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя.

Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз,
Перуны білі з краю да краю, -
Ён стаіць - гэта памяць людская, паказ...
Толькі гутарка ходзіць такая.

II На гары на крутой, на абвітай ракой,
Лет назад таму сотня ці болей,
Белы хорам стаяў, недаступнай сцяной
Грозна, думна глядзеў на прыволле.

У нагах у яго рассцілаўся абшар
Хвоек гонкіх і пахані чорнай,
Сонных вёсак шары, хат амшалых, як мар,
Хат з сям'ёй душ падданых, пакорных.

Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму,
Недаступны і грозны, як хорам;
Хто хацеў, не хацеў - біў наклоны яму,
Спуску, ласкі не знаў непакорам.

Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваёй;
Стражы князевы - ў полі і дома,
Толькі модлы раслі небу ў сэрцах людзей,
І пракляцце расло пакрыема.

III Раз бяседа вялікая ў князя была:
На пасад дачку княжну садзілі:
За сталом він заморскіх крыніца цякла,
Бегла музыка ўкруг на паўмілі.

На вяселле-разгул наплыло, як на сход,
Госці знатных зусюль, за паўсвету,
Гэткай гучнай бяседы не номніў народ,
Гэткіх скарбаў, брыльянтаў, саетаў!..

Дзень, другі ўжо грымела у князя гульня,
І музыкі, і чаркі звінелі;
Выдумлялі забаў новых кожнага дня;
Што хацелі - ўсяго госці мелі.

Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну
Для дружыны пацеху-забаву:
Загадаў ён пазваць гусляра-старыну,
Гусляра з яго ведамай славай.

IV Акалічны народ гуслі знаў гусляра;
Песня-дума за сэрца хапала;
Вакол гэтай думы дудара-званара
Казак дзіўных злажылась нямала.

Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён
Па струнах з неадступнаю песняй, -
Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн,
Не шумяць ясакары, чарэсні;

Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць,
Салавей-птушка ў той час сціхае;
Паміж вольхаў рака, як штодзень, не бурліць,
Паплаўкі рыба-плотка хавае.

Прытаіцца да моху русалка, лясун,
Каня вечнага «піць» не заводзіць:
Пад звон-песню жывучых гусляравых струн
Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць.

V Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб
Дворня князева ў хорам багаты:
Пасадзіла на ганку, між клёнаў і ліп,
На цагляным парозе магната.

Невыдумная світка - убор на плячах,
Барада, як снег белы - такая,
Незвычайны агонь у задумных вачах,
На каленях ляглі гуслі-баі.

Водзіць пальцам худым па сталёвых струнах,
К песні-музыцы ладзіцца, строе;
Водклік б'ецца ад струн па сцюдзеных сцянах,
Заміраючы ў сховах пакояў.

Вось настроіў, навёў тон у струнах як след,
Не зірнуўшы на гулі ні разу,
І сядзіць гэты сумны, як лунь, белы дзед,
І чакае ад князя прыказу.

VI - Што ж маўчыш ты, гусляр, ніў, лясоў песнябай,
Славай хат маіх подданых слаўны?!
Нам сягоння зайграй, нам сваіх песень дай, -
Князь умее плаціць незвычайна!

Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям -
Поўны гуслі насыплю дукатаў;
Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам -
Канапляную возьмеш заплату;

Знаеш славу маю, знаеш сілу маю...
- Многа знаю і чуў аб табе я, -
І я сам, як і ты, так табе запяю...
- Ну, пара пачынаць, дабрадзею! -

Гэтак слухае, выслухаў князя гусляр,
Заіскрыліся вочы сівыя,
Патануў у скляпеннях адзін, другі ўдар,
І заплакалі струны жывыя.

VII Гэй ты, князь! Гэй, праслаўны на цэлы бел свет,
Не такую задумаў ты думу, -
Не дае гуслярам сказу золата цвет,
Белых хорамаў п'яныя шумы.

Скурганіў бы душу чырванцом тваім я;
Гуслям, княжа, не пішуць законаў:
Небу справу здае сэрца, думка мая,
Сонцу, зорам, арлам толькі роўна.

Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, -
Ім пакорны я толькі з гуслямі,
Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, -
Не скуеш толькі дум ланцугамі.

Славен, грозен і ты, і твой хорам-астрог,
Б'е ад сцен-цэгел лёдам зімовым;
Сэрца маеш, як гэты цагляны парог,
І душу - як скляпоў гэтых сховы.

VIII Глянь ты, слаўны ўладар, па палеткі свае:
Сарачні там сох бачыш, як блудзе;
А ці чуў ты, аб чым там араты пяе,
Дзе і як жывуць гэтыя людзі?

Глянь у лёхі свае, ў падзямеллі глянь, князь,
Што настроіў пад хорамам гэтым:
Брацці корчацца там, табой кінуты ў гразь,
Чэрві точаць жывых іх, раздзетых.

Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць...
Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа?
Кроў на золаце гэтым людская блішчыць,
Кроў, якой і твая моц не змажа.

Ты брыльянтамі ўсыпаў атласы і шоўк -
Гэта цертая сталь ад кайданаў,
Гэта вісельні петляў развіты шнурок,
Гэта, княжа, твае саматканы.

IX Стол ты ўставіў ядой, косцей шмат пад сталом, -
Гэта косці бядноты рабочай;
Пацяшаешся белым, чырвоным віном, -
Гэта слезы нядолі сірочай.

Хорам выстраіў ты, твайму воку так міл,
Адшліфованы цэгла і камень, -
Гэта - памяткі-пліты з няўчасных магіл,
Гэта - сэрцаў скамененых пламень.

Люба чуці табе скочнай музыкі звон:
Ты, дружына п'яце асалоду, -
А ці ўслухаўся ты, як плыве з яе стогн,
Стогн пракляцця табе, твайму роду?!

Ты збялеў, ты дрыжыш, слаўны княжа-ўладар!
Госці хмурны, а дворня знямела...
Ну, што, княжа? пара даць за песню мне дар!
Выбачай, калі спеў мо няўмела. -

X Князь стаіць, князь маўчыць, жуда, помста б'е з воч;
Гулі зглухлі: ні жартаў, ні смехаў...
Думаў князь, выдумляў, грымнуў шабляй наўзбоч,
Толькі з лескатам выбегла рэха.

- Гэй ты, сонцу раўня, не на тое пазваў
На вяселле цябе сваей княжны!..
Ты шалёны, стары! хто цябе дзе хаваў?
Ты, знаць, вырадак цемры сярмяжнай.

Ты адважыўся мне на сляпы перакор
Вызваняці сусветныя трэлі;
Платы маю шмат я для такіх непакор,
Хто сябе проці мне стаць асмеліў,

Я па-князеўску ўсім і плачу, і люблю!
Ты не хочаш дукатаў - не трэба!..
Узяці старца і гуслі жыўцом у зямлю!
Знае хай, хто тут пан: я - ці неба!

XI Падхапілі, ўзялі гусляра-старыка.
Гуслі разам яго самагуды:
Па-над бераг круты, дзе шумела рака,
Павялі, паняслі на загубу.

Месца выбралі здатнае, вырылі дол,
Дол тры сажні шырокі, глыбокі;
Закапалі, убілі асінавы кол,
Далі насып тры сажні высокі.

Не часалі дамоўкі яму сталяры,
Не заплакалі бліжнія вочы;
Змоўклі гуслі і ен з той пары - да пары;
Сум і сціша залеглі, як ночай.

Толькі князеўскі хорам гудзеў, не маўчаў:
Шалы, музыка ў тахт рагаталі;
Не адну віна бочку князь кончыў, пачаў:
Шлюб-вяселле ўсе княжны гулялі.

XII Пацяклі, паплылі за гадамі гады...
На гусляравым наспе жвіровым
Палыны узышлі, вырас дуб малады,
Зашумеў непанятлівым словам.

Лет за сотню звёў час, ці і болей мо лет,
Зацвілі пераказы ў народзе;
Кажуць людзі: ў год раз ночкай з гуслямі дзед
З кургана, як снег, белы выходзе.

Гуслі строіць свае, струны звонка звіняць.
Жменяй водзіць па іх абамлелай,
І ўсе нешта пяе, што жывым не паняць,
І на месяц глядзіць, як сам, белы.

Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той,
Не зазнаў бы ніколі ўжо гора...
Можна тут веру даць, толькі слухаць душой...
Курганы шмат чаго нам гавораць.
1910 г.

Cлова аб палку Игаравым

1 Цi не добра было бы нам, браццi,
Старадаўнымi словы пачацi
 
Сказ аб Iгара трудным паходзе,
Святаславiча-князя прыгодзе?

А пачацца сягачасным ладам
Песні той, - не Баянавым складам!

Бо Баян чарадзейны, як песняй
Захацеў каму пеці пачэсне,

Расцякаўся ён мысляй па дрэву,
Шэрым воўком па полі-пасеву.

Сізакрылым арлом пад аблокі, -
Так захопліваў свет ён далёкі!

Помніў ён бо, як кажуць, старыны
I разрухі ўсе даўных часінаў.

Выпушчаў дзесяць сокалаў радам
Ды на белае лебедзяў стада,

А якая з ix сокалу ўпала,
Тая першая песню пяяла

Ці старому тады Яраславу,
Ці харобраму князю Мсціславу,

Што у борцы зарэзаў, як згледзеў,
Перад войскам касожскім Радзедзю,

Або краснаму пела Раману
Святаславічу ў хвалу й пашану.

Але, брацці, не сокалаў дзесяць
Выпушчаў ў свет Баян з пералесіц

На лябяжае стада, бы ў байцы,-
А ён клаў свае вешчыя пальцы

На пявучыя струны, а тыя
Пелі славу князям, як жывыя.

Дык начнем жа мы, брацці, сказ гэты
Ад старога Ўладзіміра летаў

Да сучаснага Iгара-воя,
Што скуў розум свой сілаю ўдвое,

Навастрыў свае сэрца адвагай,
Барацьбянай напоўніў дух смагай

I павёў цераз сёлы i вёскі
Свае дужыя, храбрыя войскі

На зямлю палаўчан, на змаганне
Ды за Рускай зямлі бытаванне!
 
2 Як зiрнyў тады Iгар на сонца,
Бачыць - цемра зацмення бясконца

Яго войска пакрыла, як сажай.
Тут дружыне сваей ён i кажа:

Ой вы, брацці мае i дружына!
Лепей будзе, каб кожны з нас згинуў,

Чымся быць усiм нам ў палоне.
Сядзьма ж, брацці, на быстрыя коні

Ды на Дон сiнявокi паглянем! -
На вум князю залегла жаданне:

Не зважаючы з неба варожбаў,
Сягнуць Дона вялікага ложбаў.

Вось хачу, - кажа, - вострую дзіду
Заламаць за бяду i абіду

Аб канец палавецкага поля;
Хачу з вамі, русіны, за волю

Палажыць сваю голаў да скону
Ці на піцця шоламам Дону. -

О Баяне, часінаў мінулых
Салавейка! На струнах бы чулых

Ты апеў бы паход слаўны гэны,
Імкнучы, салавейча нязменны,

Па выдумнаму дрэву далёка,
Дасягаючы духам аблокаў,

Часаў даўных звіваючы й новых
Сваей славай абедзве паловы,

След Траянавы сочачы, скоры,
Цераз поле, далы, на горы!

Ты бы песню тады аб набегах
Спеў для Iгара, ўнука Алега:

Ой, не сокалау несла вiхурай
Цераз поле шырокае бура!

А каціліся галіцы стадам
Да вялікага Дона з нападам...-

Цi запець было, вешчы Баяне,
Ўнуча Велеса, гэта пяянне:

Коні рзуць за Сулою-ракою,-
Слава ў Кiевe звоніць з зарою!

Чутны трубы з Навагрода,
Стаяць сцягі у Пуціўлі;
Iгар брата Ўсевалода
Жджэ прыходу кожнай хвілі. -

I прыйшоў брат i казаці
Стане буй-тур Усяволад:
Ты ў мяне адзін, мой браце,
Свет мой светлы, Iгар-волат!

Мы з табой абодва сённі
Святаслававыя дзеці,
Дык сядлай свае, брат, коні,
Коні быстрыя, бы ўспеці.

А мае напагатове
Ўжо, як знаеш, асядланы
Яшчэ ўперад у дуброве,
Каля Курска, раным-рана.

А мае ж куршчане любы
Табе ведамыя кметы:
Пад гудамі гулкіх трубаў
Спарадзіліся ў дасветы.

Гадавалі ix шаломы,
А канцом дзіды ўскармлёны,
Шляхі iм усе вядомы
I знаёмы яры, склоны.

У ix нацягнутыя лукі,
Нарыхтованыя стрэлы;
Шаблі вострыя у рукі
Пахапалі, дзержаць смела.

Як ваўкі сівыя ў полю,
Caмi мчацца ў бой крывавы,
Каб здабыць сабе чэсць, волю,
Каб прыдбаці князю славы! -

Князь Iгар тады ў залатое сядло
Сеў i паехаў па чыстым разлогу,
А сонца на небе згасіўшы святло,
Цемрай яму заступіла дарогу.

Ноч, стогнучы жудкія грозьбы яму,
У полі маркотным птушшо разбудзіла,
А выцце звярынае ў гэтую цьму
У стада пужлівае птахаў тых збіла.

Паверх лесу кліча ўжо чарамі Дзіў,
Слухацi кажа зямлі незнаёмай -
Корсунь, Памор'е i Сураж зацьміў,
Волзе, Пасуллю папутаў заломы.

Кажа й табе яго слухаць, балване,
Што разбаярыўся ў Тмутаракане!

А полаўцы шляхам пабеглі нябітым
К вялікаму Дону, як зверы, жудосна;
Калёсы у поўнач крычаць ix адны там,
Маўляў тыя лебедзі, спуджаны со сну.

Вось Iгар-князь к Дону вядзе сваіх вояў,
А птахаў яго бяда сочыць па суччы;
Ваўкі па бярлогах варожаць благое,
I брэшуць лісіцы на шчыты бліскучы.

Арлы заклікаюць звяр'ё клекатаннем
Збіраць на пабоішчы косці людскія...
О рускае племя! Далёкім сяганнем
Ты ўже перайшло рубяжы палаўцкія.

Доўга ў мроку ноч танула,
Зараніца світ збліжала,
Поле мглою зацягнула,
Ранне жніва сваё жала.

Cцixнyў свергат салаўіны,
Узбудзіўся гоман галчы,
О харобрыя русіны!
Прад навалаю паганчай

Загародзілі шчытамі
Вялікае тое поле,
Здабываючы чэсць caмі,
А для князя славы болей!
 
3 А во ў пятніцу рана стапталі
Палавецкае войска паганае;
Ў полі стрэламі там засвісталі,
Загулялі пабеду праслаўную.

Ўзялі красных дзяўчат палавецкіх
I папоны, аксаміты, золата -
Ўсё, што ўпала да рук удалецкіх,
Што бітвой не было ў попел змолата.

Палавецкім багаццем - плашчамі,
Кажухамі, тканінай залотнаю -
Памасцілі масты пад нагамі,
3агацілі праходы балотныя.

Сцяг чырвоны, дзіда серабрана
I бунчук, па абычаю добраму,
Ў нагароду за славу, за раны
Святаславічу, князю харобраму!

Дрэмле Алега харобрае
Ў полі на шчытах гняздо.
Ой, заляцела, адважнае,
Дужа далёка яно!

А не было ж яно зроджана
Ў крыўду нікому нідзе -
Hi быстракрыламу крэчату,
Hi сакалу, ні бядзе

I ні табе, палаўчаніне,
Чорны паганы груган.
Крыўдзе тваёй не спакорыцца
Вольны Алегавы стан.

Гза бяжыць шэрым воўкам
Там па полі па дзікаму,
А Канчак яму сцежку
Значыць к Дону вялікаму.

На другі дзень вельмі рана
Над зямлёй крывавы зоры
Світ усходні абвяшчаюць,
Хмары чорныя йдуць з мора.

Сонцы два прыкрыці хочуць,
Як дзве ясныя заранкі,
А во ў хмарах гэных чорных
Ззяюць сінія маланкі.

Быці вялікаму грому
Над каласамі паспелымі;
Дожджу іcці каляному
3 Дона вялікага стрэламі.

Тут паламаціся дзідам
Па-над Каял-paкi доламі,
Тут пашчарбацщца шаблям
Аб палавецкія шоламы.

О зямля Руская! 3 славай
Boі твае маладзецкія
Перасягнулі далёка
Ўжо рубяжы палавецкія.

Вось ветры, Стрыбожыя ўнукі
Павеялі стрэламі з мора
На храбрае Ігара войска,
Ў згадована у долі і ў горы.

Зямля і дудніць, і трасецца,
Цякуць памутнеўшыя рэкі
Туман пакрывае ўсё поле,
А сцягі гамоняць: на векі!

Ідуць полаўцы ад Дона
I ад мора ўсплылі
Войска рускае навокал
Нетрай абступілі.

Перагарадзілі поле
Шатанята клікам,
А харобрыя русіны -
Шчытамі і пікай.

Ой ты, яр-тур Усяволад!
Стаў у 6оі забіякай:
Засыпаеш ты варожых
Стрэламі ваякаў.

I грыміш аб ix шаломы
Стальнымі мячамі;
Дзе ўпадзеш, тур, залатымі
Свецячы шчытамі,

Там кладуцца ў рад галовы
Полауцаў паганых,
I аварскія шаломы
Шабляй пашчапаны.

Якая цана ранам, брацці, таму,
Хто забыўся жыцця яснаты,
На горад Чарнігаў хто у боях забыў
I на бацькаў пасад залаты?

На мілую любу, Глябоўну сваю,
Яснавокую краску-жану,
На звычай, абычай прадзедаў стары, -
Хто усё гэта забыў у вайну?..

4 Былі слауныя, дзеяў Траяна, вякі,
Прамінулі гады Яраслава,
I паходы Алега были-працяклі -
Ўсё Алега з сыноў Святаслава.

Той Алег бо мячамі разруху каваў,
Па зямлі сеяў стрэлы разгонам.
Калі ў горадзе Тмутаракані ступаў
Ў залатое страмя ён са звонам,

Чуў здалёку той даўны трывожлівы звон
Яраслававы сын, Усяволад.
А Уладзімір шторання, пакінуўшы сон,
Зачыняўся ў Чарнігава-горад.

А Барыса таго Вячаславіча,
Маладога і храбрага князя,
На апошні суд слава паклікала,
За якого ганяўся ў адвазе.

I навекі пасцелю зялёную
У каяльным заценні паслала -
Ўсё за крыўды, абіды Алегавы,
Што загубства разводзіў нядбала.

3 той Каялы-ракі між угорскімі
Інаходцамі сам палялеяў
Яраполк свайго бацьку да Кіева,
Да сялібы святое Сафеі.

Пры Алегу тады Гарыславічу
Моц было міжусобіц, няладау;
Жыццё гінула ўнука Дажджбожага,
Люд свой век скарачаў ў княжых звадах.

На зямлі тады Рускай узбуранай
Рэдка пеў аратай за сахою,
Груганнё зато часта пагрумквала,
Ў полі дзелячы труп між сабою.

А на ежу ляцеці збіраючысь,
Галкі гоман заводзілі й гулі.
Так было ў тыя войны ў пабоішчы,
A такіх бітваў слухам не чулі!
 
5 Ад раніцы да вечара,
Ад вечара да раніцы
Лятуць стрэлы гартоўныя,
Грымяць мячы аб шоламы,

Трашчаць дзіды сталёвыя,
Шумяць харугві стужкамі
Сярод палёў няведамых,
Сярод зямель палоўцавых.

Зямля тая учарнелая,
Пабітая капытамі,
Касцямі ўся пасеяна,
Крывёю ўся палітая.

Вялікай абхапілася
Зямля тугою Руская.

Што там шуміць, што там звініць
Рана йшчэ перад-зарою? -
Ігар палкі уводзіць свае:
Жаль яму Ўсеўлада-брата.

Біліся дзень, дзень і другі,
Трэцяга дня пад палудня
Сіла змагла, сіла лягла,
Рухнулі Ігара сцягі.

Тут два браты разлучыліся
На беразе быстрай Каялы,
Тут не хапіла крывавага
Віна ды ў гульні небывалай.

Тут пір дакончылі храбрыя
Русіны - недарма набеглі, -
Сватоў спаілі, а самі там
За Рускую землю палеглі.

У полі далёкім ад жаласці
Маркотна ные травіца,
А пад тугой цяжкай дзерава
К зямлі сірацінай хіліцца.
 
6 Во, невясёлая, брацці, гадзіна настала!
Сілу пустыня прыкрыла ўжо грознай навалай:
Крыуда паўстала у ўнука Дажджбожага сілах,
Дзевай яна на Траянаву землю ўступіла,

Крыллем лябяжым па моры ўуспляснула, а ў Доне
Плюскатам спудзіла шчасныя часы у бяздонні.

Князевы споркі - людзям ад паганых загуба;
Стаў гаварыць брат да брата са злосці, нялюба:

Гэта і гэна маё! - Ды пачалі казаці
Князі аб малым: Во гэта вялікае, браце! -

А на сябе самі згубства каваці няўстанне...
Скрозь жа на Русь набягалі з пабедай пагане.

О, як далёка сакол заляцеў ў гэну пору,
Птушак пужлівых збіваючы, - к сіняму мору!

А ўжо адважнага Ігара войска не ўскрэсіць!
Па ім Карына заклікала, гледзя на месяц.

Жэля па Рускай зямлі паняслася з трывогай,
Смагу наводзячы людзям у полымя рогу.

Жоны заплакалі рускія ў жальбах нябылых:
Ўжо нам ні мысляй памысліць мужоў сваіх мілых,

Ані падумаці думай, ні вочмі сваімі
Ix азіраць на пуховай пасцелі жывымі.

Срэбрам і золатам тым пагатове ніколі
Нам не пацешыцца ў долі, самотнае долі! -

I застагнаў жа, о брацці, грод Кіеў тугою,
А той багаты Чарнігаў - напасцю благою!

Журба па Рускай зямлі разлілася разводдзем,
Ды пацякла ненасытная жальба ў народзе.

А на сябе самі князі загубства кавалі
А тут паганыя самі адны не чакалі,

Панаваліўшысь на Рускую землю з пабедай,
Дань вымагалі па белцы з двара даўным следам.

Тыя бо два Святаславічы, храбрыя воі -
Ігар, Ўсяволад - няпраўду збудзілі сабою,

Што быў прыспаў ixні бацька, той грозны, вялікі
Кіеўскі князь Святаслаў. Ен жа не для прылікі

Грозьбаю быў над варожымі сіламі злымі
3 войскам харобрым сваім і мячамі стальнымі.

На Палавецкія зямлі нагой наступіўшы,
Узгоры і яры пакуль не стаптаў, стуль не выйшаў.

I замуціў там азёры і рэкі ў чаротах,
I засушыў там крыніцы і дрыгвы-балоты.

А паганага Кабяка з узлучыны морскай.
Як бураломнае віхрышча, выхапіў дзёрзка

Ад тых палкоў палавецкіх, жалезных, агромных,
Ажно зваліўся Кабяк ў Святаслава харомах!

Тут венедыйцы і немцы, тут грэкі й маравы
Славу вялікую дружна пяюць Святаславу.

Ігара каюць, нашто патапіў ён багацце -
Ў донні Каялы-ракі палавецкай загаціў,-

Золата рускага ўсыпаўшы там вельмі многа.
Там жа князь Ігар ссаджаўся з сядла залатога

Ды на сядло ўжо нявольніка ціха садзіўся.
Ў горадах сцены занылі, шум-гоман спыніўся.

7 А на горах у Кіеве гэтае ночы
Святаславу прысніўся сон смутны, прарочы:
Адзявалі мяне, - кажа, - звечара зморна
На цісовай краваці пасцілкаю чорнай;

Віно сіняе чэрпалі мне, бы вяселлі,
А ў віне тым благое намешана зелле.

А з пустых палавецкіх каўчанавых жэрлаў
Мне на грудзі там сыпалі буйныя пэрлы,

Ды так песцяць мяне. А ўжо дошкі ў праломах
I без скрэп на маіх златаверхіх харомах.

Усю звечара ноч груганнё грумкацела,
На балонь каля Плеснеска ўжо даляцела,

Пабыло на балоцістых нетрах Кісані
I да сіняга мора няслося на ранні! -

I казалі на гэты сон князю баяры:
Ўжо туга, княжа, розум адзела твой хмарай!

Гэта з бацькава так залатога пасаду
Сакалы два зляцелі сачыці прынаду -

Горад Тмутаракань пашукаці з разгону
Або ўдоваль напіціся шоламам Дону.

I ўжо сокалам гэным шаблямі паганых
Пападсечана крылле на дзікіх палянах,

A саміх у жалезныя спуталі путы.
Ў трэці дзень патануў свет у цемрадзі лютай:

Сонцы два пацямнелі, слупы агнявыя
3гаслі два, з імі месяцы два маладыя.

Святаслау і Алег апранулкя цьмою,
I на моры яны патанулі абое,

I вялікай буянасці хану дадалі.
Цьма пакрыла святло на рацэ на Каяле,

А па Рускай зямлі, як гняздо тое рысяў
Чарадою скрозь полаўцы параспаўзліся.

Ўжо ўзнялася над хвалай благая пахула,
Ўжо насілле над воляй уссела-сагнула,

I ўжо рынуўся Дзіў на зямлю на прыселлі.
Вось бо гоцкія красныя дзевы запелі

На пахілістым беразе сіняга мора,
Рускім звонячы золатам, сочачы зоры.

Ўсё пяюць яны Бусавы часы і справы
Й Шараканавай помсты лялеюць праявы.

А ўжо мы во, твая маладая дружына,
Больш не знаем з табою вясёлых часінаў

Тады вялікі Святаслаў
Азваўся словам залатым,
Змяшаным з горкімі слязьмі
I так сказаў баярам тым:

О сыны мае, Ігар і Ўсевалад!
Рана пачалі крышыці
Мячами зямлю Палавецкую,
А сабе славу сачыці.

Але толькі не з чэсцяй уходалі
Бо вы не ў чэсці і хвале
На тым полі далёкім паганскую
Кроў на зямлю вылівалі

Вашы сэрцы ў сталь крэпка закованы
Ўзброены гартам адвагі
Але што ж натварылі сівізне вы
Тамка маёй без развагі?

Не даждалі багатага й сільнага
Брата майго Яраслава
На падмогу з яго мнагавоямі
3 войскам чарнігаўскім бравым.

А ваякі яны ўсе сусветныя:
Там і магуты, й шальберы,
I татраны упобач з равугамі;
Там тапчакі і альберы.

А яны бо з нажмі захаляўнымі
I без шчытоў б'юцца жвава -
Пабяждаюць палці толькі клікамі,
Звонячы прадзеднай славай.

Але вы там сказалі - Мужаймася
Caмі з cваімі мячамі!
Славу самі захопім пярэднюю
Й з задняй падзелімся самі -

A ці ж дзіва тут, брацці вялікае
Памаладзеці й старому!
Калі сокал у годах - ён высака
Птушку ўзбівае ад дому;

Не папусце гнязда свайго роднага
Ў крыўду, як бача трывогу.
Але гора ўсё ў тым, што во буйныя
Князі ўжо мне ў непадмогу:

Тыя часы ў нішто абярнуліся.
Вось боля Рымава зрана
Пад шаблямі крычаць палавецкімі,
А Ўладзімір - у ранах!

I туга, і нуда сыну Глебаву,
А усё з таго, што крышыці
Не ў час шлі зямлю Палавецкую,
А сабе славу сачыці!..
 
8 О княжа вялікі, Ўсяволадзе!
Ці не думкай табе б прыляцеці
Здалёку, каб трон-посад бацькавы
Залаты ўберагчы ў ліхалецці?

Распырскаць бо можаш ты вёсламі
Мнагаводную Волгу на бокі
І можаш сваімі шаломамі
Да дна вычарпаць Дон сінявокі.

Как быў ты, была бы нявольніца
Па адным, а не болей, нагаце,
А з ёй і нявольніка кожнага
Па разане маглі бы купляці.

Ты можаш бо зводдалі, насуха,
Над шырокімі бітваў палямі
Жывымі страляць самастрэламі,
Тьмі ўдалымі Глеба сынамі.

Ты, Давід, і буй-Рурык! Не вашыя ж гэта
Пазалочаны шоламы гэнага лета

У крыві, бы ў рацэ рыбы, плавалі цінай?
Ці ж не ваша адважная колісь дружына,

Маўляў туры, рыкае ў няведамым полі,
Гартаванымі шаблямі ранена ў волю?

Уступіце, сябры, ў залатыя страмёны
За ўсю крыўду вялікую часаў сягонных

I за Рускую землю, за Ігара раны,
Святаславіча буйнага - здзекі ў паганых.

Яраславе Асмомысле Галіцкі! Кутам
На пасадзе высока сядзіш златакутым.

Ты сваімі палкамі железнымі ўвышы
Падпёр горы угорскія, шлях заступіўшы

Каралю, й, зачыніўшы вароты Дунаю,
Цераз воблак шыбаючы берамы з краю,

Да Дуная суды свае судзячы спpaўна!
Твае грозьбы па землях цякуць мнагаслаўна!

Адчыняеш ты Кіеву насцеж вароты
Ды з свайго залатога пасаду адно ты

Султаноў за зямлямі страляеш няслаба.
О, страляй, княжа, ў сэрца паганага раба

Канчака за зямлю Русь, за Ігара раны,
Святаславіча буйнага - здзекі ў паганых!

А ты, буйны Рамане, і ты, Імсціславе!
Думка храбрая носіць ваш розум па справе.

Плывіцё вы на справу з адвагай, высока,
Быццам сокал на ветрах, лунаючы лёгка.

Птаха хочучы сходаць у бітвах з вятрамі,
Есць бо ў вас пад лацінскімі йшчэ шаламамі

Із жалеза наперснікі, з іхняга звону
Ўжо затрэсліся землі й шмат розных старонаў -

Палаўчане, Хінова, Літва, Дарамела, Яцвягі -
Свае кінулі ў полі і дзіды, і сцягі

I галовы свае накланілі пад тыя,
Вашы, князі, магутныя мечы стальныя.

Але ўжо, княжа Ігар, бліск сонца сцямніла,
Не на добрае й дзерава лісць свой згубіла!

Во па Росі й Суле гарады падзялілі.
А ўжо Ігара войска не ускрэсіць у сіле!

Дон цябе, княжа, кліча, ждучы твайго следу,
I князёў заве іншых к сабе на пабеду.

Во харобрыя князі Альговічы,- ў бойцы
Непамернай таей утамілісь малойцы.

Ўсяволад, Інгвар, Імсціславічы ўсе тры!
Не благога гнязда птахі хованы ў ветры,-

Сабе ўладу не ў шчасці ж пабедным прыдбалі?
Залатыя ў вас шоламы што заняпалі?

Што замоўклі ў вас ляцкія дзіды з шчытамі?
Полю загарадзіце вароты страламі

Вы за Рускую землю, за Ігара раны,
Святаславіча буйнага - здзекі ў паганых! -

9 Ўжо бо Сула не цячэ ручаінай
К Пераяслаўлю быстрай, срабранай;
Дзвіна ўжо балотам цячэ безупыну
Да палаўчан, пад воклік паганаў.

Адзін Ізяслаў толькі, сын Васільковы,
Сам пазваніў мячамі cваімі
Аб шлемаў літоўскіх стальныя аковы,
Ускалыхнуўшы днямі былымі.

Свайму пераняў славу дзеду Ўсяславу,
Сам пад чырвоным шчытам пабіты
Мячамі літоўскімі, лёг на крывавай
3 Хоццем траве. А кажа тады той:

Дружыну тваю апранулі князь, крыллем
Птахі, а зверы кроў палізалі!
Не быў тут брат Брачыслаў, над кавыллем,
Ані другі - Ўсяволад. У жалі

Адзін ён жамчужную з храбрага цела
Выпусціў душу праз ажарэлле.
Заныла гамонка, вясёласць знямела,
Трубы ў Гародні смутна запелі:

Яраславе і ўнукі вы ўсе Ўсяслава!
Апусціце ўжо сцягі свае,
Пахавайце мячы пашчарбаны, бо слава
Ужо дзедава вас не спаўе!

Вы бо сваркай сваей напусцілі
Скрозь паганых па Рускай зямлі,
Па надзеле Ўсяслава, з чаго і насіллі
Ад зямлі Палавецкай пайшлі. -

У сёмы Траянавы век
Уздумаў Ўсяслаў варажыць
Аб мілай дзяучыне сабе,
Што з славай яго заручыць.

Пусціўшыся ў хітрыкі, ён
На борздага ўсеўся каня
I скочыў, памчаўся чым свет
Да Kіевa-грода, да дня.

I кіеўcкі дзідаю там
Пасад дакрануў залаты;
Ад ix скочыў зверам лютым
3 Белгорада ў поўнач; тады

Ахутаўся сіняю мглой,
А раннем, узняўшысь да зор,
Навограду браму лязом
Сякераю насцеж адпёр.

Разбіў Яраслававу там
Прыдбаную славу мячом
I скочыў праз поле і лог
К Нямізе з Дудутак ваўком.

На Нямізе снапы сцелюць
Галавамі
А молоцяць жа стальнымі
Іх цапами

На таку жыццё кладзецца
Неспадзейна,
I душу ад цела веюць
Безнадзейна.

Берагі ў крыві Нямігі
Па калені;
Не дабро на ix пасеяў
Сейбіт жменяй.

А былі яны гусценька
Ў процьмах вузкіх
Там засеяны касцямі
Сыноў рускіх.

Усяслаў-князь людзям суд судзіў,
Гарадамі князёў надзяляў
А сам поначы, свету на здзіў
Ваўкалакам ці воўкам гуляў

Ён бо з Кіева да петухоў
Горад Тмутаракань дасцігаў
I вялікаму Хорсу без слоў
Воўкам шлях борзда перабягаў

Таму ў Полацку рана званы
Пазванілі ў Сафеі святой
Да завутрані,- ён жа праз сны
Ужо ў Кіеве звон чуе той.

Хоць і вешчая, кажуць, душа
Ў дзёрзкім целе ягоным была,
Але часта бяды без нажа
Нацярпеўся, што доля дала.

Яму першаму вешчы Баян
I прыпеўку дасціпна злажыў:
Хітры, быстры, ні птах той быстран
Суду божага не перажыў! -

О, стагнаці ўжо Рускай зямлі,
Як успомніць князёў з былых пор!
Ўладзіміра таго не маглі
Прыкаваці да Кіеўскиx гор.

А цяпер яго сцягі нішто:
Адны Рурыку славу шумяць,
А другія - Давідавы ўжо...
Але стужкі ix розна вісяць.

10 Пяюць дзіды на Дунаі
А ў Пуціўлі Яраслаўна
Безуцешнаю зязюляй
Наракае раным-рана:

Паляту я ў даль зязюляй
Па Дунаю за дубровы,
Памачу ў рацэ Каяле
Рукавок я свой бабровы.

I зляту да князя ў полі
Дзе ў зялёнай лёг пасцелі,
Ды крывавыя ўтру раны
На яго магутным целе. -

Яраслауна рана плача
У Пуцівлі на сцяне,
Наракаючи зязюлькай,
Долю горкую кляне:

О вецер, вятрыска!
Чаму, ўладар, лётам
Сваім гэтак вееш
У вочы сіротам?

Чаму ты на крыллях -
I вольны, і смелы -
На мужніх ваякаў
Мчыш ханскія стрэлы?

Ці ж веяці мала
Табе пад аблокі -
Ўгары, ў паднябессі
Шырокім, далёкім?

Або ў сінім моры
Лялеяць, гайдаці
Чаўны з караблямі
Да ціхае гаці?

Чаму ты, ўладару,
Мне радасць асіліў
Вясёласць развеяў
Па дзікім кавыллі? -

Яраслауна рана плача
У Пуціўлі на сцяне,
Наракаючи зязюлькай,
Долю горкую кляне:

О Днепра-Славутіч!
Ты ў каменных горах
Праз полаўцаў зямлі
Дол высек у мора.

Кабякаву войску
Чаўны Святаслава
Сабой ты лялеяў,
Акрылены славай.

О, мне прылялей жа,
Ўладару, ў харомы
Саколіка-мужа
3 зямлі незнаёмай!

Каб слёзаў я рана
Ў тузе небывалай
К яму цераз поле
На мора не слала! -

Яраслаўна рана плача
У Пуціўлі на сцяне,
Наракаючы зязюлькай,
Долю горкую кляне:

О светлае сонца,
Трысветлае! Ўсюды
Цяплом і красою
Яснееш, як цуды.

Чаму ж, владару,
Свой промень пякучы
На мужняе войска
Нанесла, не ждучы?

На полі бязводным
Ты смагай пагнула
Ім лукі, а тугай
Заткала утулы?! -

11 Пырснула мора на поўнач,
Смерчы ідуць чарадой;
Ігару-князю дарогу
Знача бог чорнаю мглой.

Знача з зямлі Палавецкай
Шляхі да Рускай зямлі
Дзе жджэ на Ігара доўга
Бацькаў пасад дарагі.

Патухла вячэрняя зорка.
Князь Ігар і спіць, і не спіць -
Ад Дона вялікага думкай
Да Данца малога бяжыць.

Апоўначы свіснуў савою
Аўлур на каня за ракой,
Уцяміць загадвае князю,
А Ігар-князь знікнуў як стой.

Той клікнуў - зямля загручэла;
Трава зашумела быллём;
Упуд палавецкія вежы
Спалохаў, зварушыў жыллём.

А князь Ігар ўжо гарнастаем
Паскакаў па траве к трыснягу,
На вадзе выплыў гогалем белым,
На каня узваліўся ў бягу.

I саскочыў з яго босым воўкам,
Пакаціўся да логу Данца,
Й паляцеў сакалом пад імгламі
Забіваючы там без канца

На сняданне, абед і вячэру
Белых лебедзяў, шэрых гусей.
Як ляцеў сакалом гэтак Ігар,
Тады воўкам Аўлур з сілы ўсей

Пакаціўся, сцюдзёныя росы
Абтрасаючы вокал сабой.
Коні быстрых сваіх падарвалі,
Летучы пуцявінай пустой.

I кажа рака Донец: Ігару-княжа!
Нямала во бітвы далі
Вялічча табе, а Канчаку дакукі,
А радасці Рускай зямлі!

А Ігар-князь кажа: О Донча! Нямала
Вялічча сабе ты прыдбаў,
Што князя на хвалях лялеяў і шчыра
Зялёну траву падсцілаў

Яму на сваіх берегах серабраных
I цёплай атуліваў мглой
Пад ценем зялёнага буйнага дрэва,
Ды пільна сцярог з цемнатой

Яго на вадзе сваёй гогалем белым,
А чайкай паверх ручаёў,
Ды качкай-чарнедзяй на ветрах шумлівых
Паказываў сцежку і вёў

А Стугна, рака ўжо куды не такая,
Худы бо ў яе перацёк;
Чужыя папіўшы, глынуўшы крыніцы
I хвалі разліўшы, дзе ўток,

Яна маладому князю Расціславу -
Без часу і не на дабро -
Пры беразе цёмным наскрозь зачыніла
Дарогу сабой на Дняпро.

Тужыць Расціславава маці і плача
Па князі сваім маладым...
А кветкі занылі, а дрэва са смуткам
К зямлі пахілілась благім... -

Ой, не сарокі ўстракаталі!
А гэта Ігаравым следам
Гза з Канчаком упобач едзе,
Як па жніво сусед з суседам.

Тады ўжо груганы над косцьмі
Не грумкалі, і галкі змоўклі,
Не сакаталі і сарокі,
Па лозах распаўзліся, моклі...

Па лесе тукатам няўтомным
След дзятлы к рэчцы адбіваюць,
А салаўі вясёлай песняй
Блізкое ранне выйгрываюць.

I гаворыць так Гза Канчаку:
Калі сокал ляціць у гняздо,
Залатымі страламі сваймі
Мы застрэлім сокольца яго! -

А Канчак жа адказвае Гзе:
Калі сокал ляціць да гнязда,
Краснай дзевай сакольца тады
Мы апутаем,- што за наўда! -

А Гза кажа на то Канчаку:
Калі дзеваю краснай яго
Мы апутаем, то ўжо тады
Мець не будзема мы ні таго

Маладога сакольца ў сябе,
Ані краснае дзевы, ды нас
На палях палавецкіх пачнуць
Кляваць птахі ў нявеселы час! -

12 I сказаў жа аб днях Святаслава
Той Баян-песнятворца старын
I далёкай пары Яраслава,
I Алегавых даўных часін:

Хоць і цяжка табе, мнагасмелай
Галаве, без плячэй у людзях,
Але трудна й табе жыці, целу,
Без своей галавы на грудзях! -

Так і Рускай зямлі ненарокам
Цяжка мераць без Ігара дні.
Сонца свеціць на небе высокім,
А князь Ігар на Рускай зямлі.

Красны дзевы пяюць на Дунаю,
Галасы ix плывуць і лятуць
Неўгамонна ад краю да краю,
Цераз мора да Кіева йдуць

Ігар едзе праз спуск Барычоўскі
К абразу Пірагошчы святой.
Рады князю староны і вёскі,
Гарады весяляцца з сабой.

Пеўшы песню старым князям, справам,
Потым пець маладым песняй бур:
Святаславічу Ігару слава!
Слаўся, храбры Ўсяволад буй-тур!

I Ўладзімір, сын Ігара-воя,
Малады князь - на страх палаўчан!
I князям, і дружыне здароў'я,
Выступаючым за хрысціян,

У няведамай дзікай краіне,
Пашматаўшым паганых палкі,
Слава буйным князям і дружыне
На далёкія векаў-вякі!

  
СТАТИСТИКА

  Веб-дизайн © Kirsoft KSNews™, 2001 Copyright © Трагедия Свободы, 2001-2004